31.03.2017 Маладыя адкрыцці
.jpg)
Адзін з вектараў дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі — праца з маладымі літаратарамі. Мінскае гарадское аддзяленне СПБ менавіта для іх заснавала літаратурную прэмію «Адкрыццё», лаўрэатаў якой віталі ў сталічнай публічнай бібліятэцы № 5.
— Ужо чацвёрты год запар гэтая прэмія ўручаецца найбольш таленавітым аўтарам ва ўзросце да трыццаці гадоў, якія сталі сапраўдным адкрыццём мінулага года. Яе лаўрэатамі ўжо сталі паэтэсы, сябры СПБ Людміла Клачко і Таццяна Купрыянец, — распавёў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.
А сёлета прэмію атрымалі яшчэ дзве паэтэсы: Кацярына Роўда (за кнігу «Водар белага наліву») і Кацярына Стройлава (за кнігу «Цярністы шлях»). Першая ўжо з’яўляецца сябрам СПБ, другая пакуль што кандыдат у члены СПБ: творы абедзвюх прасякнуты глыбокай духоўнасцю і цеплынёй.
Вершы Кацярыны Роўда, Кацярыны Стройлавай і Таццяны Купрыянец прадэкламавала артыстка эстрады Вольга Багушыньска. А Таццяна Купрыянец падрыхтавала яшчэ і музычна-паэтычны падарунак. Паэтэс павіншавалі і ўдзельнікі
літаб’яднання БДУ «КЛУмБа», сябрамі якога яны з’яўляюцца, на чале з кіраўніком Ірынай Шкіронак.
«Жытнёвая, льняная, васільковая, / Бы ягадка суніцы, сакавітая...» Гэта — радкі з верша Кацярыны Роўда «Мова». Вось яно, наша нацыянальнае багацце вачыма маладога аўтара! Не саступае і Кацярына Стройлава. «Я видела во сне тернистую дорогу, / А где-то высоко далёкий, нежный свет...» — адкуль гэта, калі не ад боскага, духоўнага?
І такіх пранікнёных радкоў у творчасці лаўрэатаў «Адкрыцця» — мноства.
"ЛІМ", 2017, 31 скавіка
Яна ЯВІЧ